БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс. км².

Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.

Г.П.Рудава.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)